Для большасці сучасных беларусаў святкаванне Новага году — справа звыклая і ледзь не абавязковая. Сапраўды, як гэта магчыма? 31 снежня не паставіць дома ялінку, не ўпрыгожыць яе цацкамі, не прыгатаваць традыцыйны «селядзец пад шубай» ці легендарны салат «аліўе»? Усё гэта мусіць быць, інакш наступны год будзе — як некаторыя мяркуюць — няўдалым… Аднак яшчэ стагоддзе назад нашы продкі святкавалі не Новы год, а Каляды — свята, якое аб’яднала ў сабе язычніцкія і хрысціянскія абрады. Убачыць аўтэнтычныя Каляды сёння напэўна ўжо немагчыма. Занадта змяніліся звычаі і нават ментальнасць нашага народа. Але паспрабаваць узнавіць некаторыя зімовыя рытуалы не толькі магчыма, але і трэба. Перадусім дзеля захавання памяці, дзеля ўзбагачэння нацыянальнай культуры. Якраз гэтую місію ўсклалі на сябе студэнты гісторыка-філалагічнага факультэта, якія запрасілі ўсіх ахвочых на Шчодрую куццю. Так называецца святочны вечар напярэдадні Божага нараджэння, калі прынята хадзіць адзін да аднаго ў госці, частаваць каляднымі стравамі, віншаваць з добрай навіной аб нараджэнні Збавіцеля.
Сустракалі ўніверсітэцкіх калядоўшчыкаў традыцыйныя персанажы беларускага фальклору — Дзед ды Баба. Яны паставілі на стол 12 страў, сярод якіх — куцця (каша), праснакі, селядзец, сала, сакавітая капуста, смажаніна, каўбасы. Стол на Шчадрэц павінен быць багатым — такі звычай. І яшчэ адна істотная акалічнасць — калядоўшчыкам нельга адмовіць у пачастунку. Інакш — зямля не ўродзіць! Такая распаўсюджаная на нашай зямлі прымха… Самі па сабе калядоўшчыкі — тлум дастаткова стракаты і гаваркі. Сярод іх і цыгане, і механошы, і музыкі, і «каза», і «мядзведзь». Пасля прывітання гаспадароў калядоўшчыкі звычайна спяваюць, танчаць… Цэнтральны персанаж тут менавіта «каза». Яна раптам «памірае», а «ўваскрасае» толькі пасля таго, як атрымлівае ад гаспадароў пачастунак. Гэта таксама метафара. Смерць казы ўвасабляе зімовы сон наваколля, яе ўваскрашэнне — будучае вясновае прабуджэнне.
Пасля казы на авансцэне з’яўляецца «мядзведзь». Гэты калядны персанаж камічна танчыць, падрабляючы рух «бабы», якая нясе мех з жытам. Сэнс усяго таго, што адбываецца, просты і лагічны: Каляды — светлае і радаснае свята. Гэтакім жа павінен быць настрой і ў тых, хто яго святкуе. Важна тут заўважыць тое, што цягам стагоддзяў святары ўсіх канфесій імкнуліся пазбавіць беларусаў ад іх спрадвечных абрадаў. Было нават такое, што за ўдзел у Калядах штрафавалі, а некаторых, асабліва зацятых прыхільнікаў народнай абрадавасці, садзілі ў турму. Аднак нягледзячы на ўсё Каляды (як і Радаўніца, і Купалле, і Вялікдзень) жывуць і па сённяшні дзень. Важна перадаць эстафету будучым пакаленням, не страціць памяць пра спрадвечныя беларускія святы.