Аб ўніверсітэце

Рэктар: Дук Дзяніс Уладзіміравіч, доктар гістарычных навук, прафесар
Першы прарэктар:  Лаўрыновіч Дзмітрый Сяргеевіч, доктар гістарычных навук, прафесар
Прарэктар па вучэбнай рабоце:  Дзячэнка Алег Віктаравіч, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт
Прарэктар па выхаваўчай рабоце: Ясеў Уладзімір Віктаравіч, кандыдат палітычных навук, дацэнт
Прарэктар па навуковай рабоце:  Старасценка Віктар Уладзіміравіч, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт
Прарэктар па АХР: Зэйдзіна Юлія Анатольеўна
Дырэктар ІПКіП:  Шардыка Ігар Уладзіміравіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт

PDF  Статут універсітэта


Эмблема
Эмблема МДУ імя а. А. Куляшова

Візуальнае апісанне

Эмблема ўстановы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова» ўяўляе сабой французскі шчыт, у залатым поле якога змешчана выява сцябла каралеўскай папараці з трыма чаранкамі. Два бакавыя чаранкі з зялёным лісцем, цэнтральны ўвенчаны чырвонай трохчасткавай мяцёлкай. Шчыт апраўлены дзвюма зялёнымі лаўровымі галінамі, увітымі і злучанымі стужкай, якая мае колер сцяга ўніверсітэта з надпісам на ёй — «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова».

Семантычнае апісанне

Каралеўская папараць, або чыставуст велічны (Osmunda regalis L.), з’яўляецца правобразам міфалагічнай кветкі — «кветкі папараці», «папараць-кветкі». Падставай для міфа стала свячэнне спор каралеўскай папараці, сабраных у канцавую сціснутую мяцёлку, якая нагадвае кветку. Да моманту паспявання і высыпання спор зялёная мяцёлка набывае чырвона-карычневы колер.

Паводле ўяўленняў беларусаў, чалавек, які знайшоў кветку папараці, набываў незвычайна рознабаковыя веды, яму адкрываліся ўсе таямніцы свету, і з дапамогай гэтай кветкі ён мог змяніць жыццё людзей да лепшага, дапамагчы ім стаць шчаслівымі і адукаванымі. Гэты матыў у вобразе кветкі папараці беларуская пісьменніца Алаіза Пашкевіч (Цётка) выказала ў наступных словах: «Кветка папараць — гэта сімвал усёведання… Сімвал ведаў, навукі!»

Сцяг
Сцяг МДУ імя а. А. Куляшова

Візуальнае апісанне

Сцяг установы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова» ўяўляе сабой прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2. У ніжняй частцы палотнішча размешчана паласа белага колеру ў 1/6 яго шырыні, размешчаная ад ніжняга краю палотнішча на 1/6 яго шырыні. Над ёй размешчана эмблема ўніверсітэта, ссунутая да дрэўка.

Семантычнае апісанне

Блакітны колер асацыіруецца з колерам неба, таму сімвалізуе духоўнае і інтэлектуальнае жыццё, скіраванасць да вышынь пазнання, пошук ісціны. Белая паласа з’яўляецца знакам памяці, які адсылае да падзей, што і паклалі пачатак навучальнай установе. 1 кастрычніка 1913 года адбылося ўрачыстае адкрыццё Магілёўскага настаўніцкага інстытута. Гэты дзень супаў са святам Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Перад пачаткам урачыстай часткі выкладчыкі і студэнты ў прыходскай царкве прынялі ўдзел у богаслужэнні з нагоды свята, а ў пратаколе педагагічнага Савета інстытута ад 1 кастрычніка гэтага года было запісана, што новая навучальная ўстанова знаходзіцца пад «засенню Пакрова Прасвятой Багародзіцы”. Свята Пакрова ўстаноўлена ў памяць пра з’яўленне блажэннаму Андрэю і яго вучню св. Епіфанію падчас богаслужэння ў канстанцінопальскім Улахернскім храме Прасвятой Багародзіцы са святымі і анёламі, якая стаяла ў паветры і рассцілала покрыва над народам, што маліўся. Паводле падання гэта падзея адбылася ў 910 г. Багародзіца пакрыла вернікаў белым пакрывалам (амафорам) і малілася за выратаванне свету ад няшчасцяў і пакут.

Гімн

Словы і музыка

Гімн МДУ імя а. А. Куляшова

 

Афіцыйная дата стварэння Магілёўскага настаўніцкага інстытута — 1 ліпеня 1913 года. Адкрыццё інстытута, якое вёў яго першы дырэктар кандыдат багаслоўя У. М. Тычынін, адбылося 1 кастрычніка 1913 года. Першы выпуск настаўнікаў у колькасці 33 чалавекі адбыўся ў 1916 годзе. У інстытуце тады працавала 8 выкладчыкаў.

У снежні 1918 года настаўніцкі інстытут быў рэарганізаваны ў педагагічны і атрымаў статус вышэйшай навучальнай установы. У ім праводзілася падрыхтоўка па сацыяльна-гістарычным, фізіка-матэматычным, біялагічным і літаратурна-мастацкім цыклах і работнікаў дашкольных устаноў. У 1934 годзе аддзяленні інстытута былі рэарганізаваны ў факультэты: гістарычны, геаграфічны, мовы і літаратуры з рускім і беларускім аддзяленнямі. У 1937 годзе пры педагагічным інстытуце быў створаны настаўніцкі інстытут з двухгадовым тэрмінам навучання. У 1938 годзе адкрылася аспірантура. У гэты перыяд значна пашырылася і яго матэрыяльная база. У 1931 годзе ён атрымаў трохпавярховы вучэбны корпус з добра абсталяванымі кабінетамі і лабараторыямі. Крыху пазней былі пабудаваны спартыўная зала, стралковы цір, чатырохпавярховы студэнцкі інтэрнат.

У 1941 годзе ў інстытуце навучалася больш за 2000 студэнтаў і працавала 69 выкладчыкаў. За 10 даваенных год толькі на дзённым аддзяленні было падрыхтавана больш за 1200 педагагічных работнікаў. У чэрвені 1944 года Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут аднавіў сваю дзейнасць у складзе трох факультэтаў: гістарычнага, геаграфічнага, мовы і літаратуры. Навучанне ў ім пачалі 570 студэнтаў на дзённым аддзяленні і 357 — на завочным. У інстытуце тады працавала 16 выкладчыкаў, чацвёра з якіх мелі вучоную ступень. У 1946 годзе кантынгент студэнтаў дасягнуў даваеннага ўзроўню, а з сярэдзіны 50-х гадоў ён стаў адной з буйнейшых ВНУ ў Беларусі. У ім навучалася больш за 3000 студэнтаў і працавала 119 выкладчыкаў, у тым ліку 39 дацэнтаў і кандыдатаў навук. З часам адкрываліся новыя факультэты і кафедры: у 1949 годзе быў заснаваны фізіка-матэматычны факультэт, у 1958 годзе — факультэт педагогікі і методыкі пачатковага навучання, у 1978 годзе — факультэт дашкольнага выхавання (цяпер факультэт педагогікі і псіхалогіі дзяцінства), у 1981 годзе — ваенна-спартыўны факультэт (цяпер факультэт фізічнага выхавання), у 1990 годзе — біялагічны (з 1997 года — факультэт прыродазнаўства), у 1997 годзе — факультэт даўніверсітэцкй падрыхтоўкі і прафарыентацыі, у 1998 годзе — факультэт замежных моў і эканамічны факультэт (цяпер факультэт эканомікі і права). У 1959 годзе было скончана будаўніцтва новага студэнцкага інтэрната са здраўпунктам і сталовай, а потым і новай спартыўнай залы. У прыгарадзе Магілёва створаны геаграфічная станцыя і вучэбна-вопытны ўчастак для правядзення практычнага навучання студэнтаў.

У 1970 годзе інстытут атрымаў новы вучэбны корпус па вуліцы Касманаўтаў — пяціпавярховы будынак з вучэбнымі аўдыторыямі, лабараторыямі, спартыўнымі заламі, бібліятэкай, сталовай. Значна павялічыўся кніжны фонд бібліятэкі, які налічвае зараз каля 500 тысяч экзэмпляраў кніг.

У 1978 годзе інстытуту прысвойваецца імя класіка беларускай літаратуры, ураджэнца Магілёўшчыны Аркадзя Куляшова. У сярэдзіне васьмідзясятых гадоў ён тройчы становіцца пераможцам Усесаюзнага спаборніцтва паміж педагагічнымі ВНУ і ўзнагароджваецца пераходным Чырвоным Сцягам; у трэці раз ён пакідаецца яму назаўсёды.

У 1997 годзе пасля правядзення дзяржаўнай акрэдытацыі інстытут быў ператвораны ў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова. Сёння ён мае тры вучэбна-лабараторныя карпусы, тры вучэбна-спартыўныя комплексы, стадыён, трэнажорна-аднаўляльны цэнтр, вучэбна-біялагічную базу «Любуж», чатыры інтэрнаты, дзве студэнцкія сталовыя, санаторый-прафілакторый, кафэ «Лабірынт», некалькі музеяў, лабараторыі аператыўнай паліграфіі, інфармацыйных тэхналогій, вучэбнага тэлебачання, больш за 100 вучэбных кабінетаў.

Доўгі час універсітэт развіваўся як поліпедагагічны. Ён рыхтаваў настаўнікаў амаль па ўсіх дысцыплінах вучэбнага плана сярэдняй школы і спецыялістаў для дашкольных дзіцячых устаноў, а з 1998 года пачалася падрыхтоўка кадраў і для іншых галін народнай гаспадаркі. Навуковыя даследаванні прафесарска-выкладчыцкага складу праводзяцца ў асноўным у адпаведнасці з рэспубліканскімі праграмамі, заказамі Міністэрства адукацыі і Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. Ва ўніверсітэце распрацоўваюцца тэмы: бесперапынная падрыхтоўка настаўнікаў ва ўмовах вучэбнага комплексу, магнітасфера Зямлі, оптыка тонкіх плёнак, археалагічныя помнікі Беларусі, мінулае і сучаснасць у літаратурным працэсе, праблемы працэсаў адаптацыі чалавечага арганізма да фактараў знешняга асяроддзя і іншыя.

Студэнты і выкладчыкі ўсіх факультэтаў маюць магчымасць творчага самавыражэння ў літаратурным аб’яднанні «Натхненне», у шматлікіх гуртках мастацкай самадзейнасці. Ва ўніверсітэце выдаецца навукова-метадычны часопіс «Веснік МДУ імя А. А. Куляшова» і шматтыражная газета «Універсітэцкі веснік».

Гісторыя Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта (1913–1940 гг.): дакументы і матэрыялы / аўт.-склад.: А. Р. Агееў, К. М. Бандарэнка, В. П. Клімковіч; пад агульн. рэд. К. М. Бандарэнкі. — Магілёў: МДУ імя А. А. Куляшова, 2008. — 216 с.

Вы можаце размясціць наш банэр на сваім сайце. 

 

Спампаваць банеры ў фармаце jpg і png адным архівам можна   ТУТ.